ТАВА́РНАЯ БІ́РЖА,

рынак аптовага гандлю таварамі масавай вытв-сці, якія адпавядаюць вызначаным узорам (стандартам) і цэны на якія фарміруюцца пад уздзеяннем попыту і прапановы. Ствараецца шляхам добраахвотнага аб’яднання заснавальнікаў біржы: вытворцаў, уладальнікаў і спажыўцоў тавараў, пасрэдніцкіх арг-цый, замежных фірм і інш. Адрозніваюць Т.б. рэальнага тавару і ф’ючэрсныя, на якіх заключаюцца беставарныя пагадненні на пэўны тэрмін; закрытыя, дзе ўдзельнічаюць біржавыя пасрэднікі (брокеры), і адкрытыя — акрамя брокераў удзел у гандлі прымаюць і наведвальнікі. Для Т.б. характэрны: рэгулярнасць кірмашоў у пэўным месцы, уніфікацыя асн. патрабаванняў да якасці тавараў, умоў і тэрмінаў пастаўкі, свабодная купля і продаж — пакупнік вольны выбіраць прадаўца, вызначаць сваю цану і інш.

Узніклі ў Зах. Еўропе ў 16—17 ст. з сярэдневяковых кірмашоў. У 18—19 ст. сталі гал. формай унутр. і міжнар. аптовага гандлю. У Расіі ў пач. 20 ст. было больш за 150 Т.б. На Беларусі ў 1908 узнікла Мінская (лясная), напярэдадні 1-й сусв. вайны — Віцебская Т.б. У перыяд нэпа (да 1930) Т.б. існавалі ў СССР.

Найбуйнейшымі Т.б. з’яўляюцца Лонданская (каляровыя металы, збожжа, цукар і інш.), Нью-Йоркская (каўчук, бавоўна. кава і інш.), Міланская, Гамбургская, Амстэрдамская і інш.

т. 15, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)